Тамары Іванаўне Прышавачка
Мы любім матуль
любіць на адлегласьці,
Здароўе іхняе
давяраць урачам.
Мы смутку
ня хочам пазычыць вачам.
Мы цешымся
са сваёй нягегласьці.
I мокнуць і стынуць
бальніцы раённыя
На лютых ліўнях
ды на сівярах.
Матуль даглядаюць
забытасьць і страх,
I добрыя весткі,
як дзеткі прыёмныя,
Да іх халадзеюць.
I крыламі белымі
Халатаў сваіх,
як анёлы, ўрачы
Стараюцца
чорную крыўду ўрачы.
Дакторкі,
як весьнія яблынькі ў вэлюме,
Над неастылымі папялішчамі
Бездапаможнай
людской бяды
Сьвятлеюць,
далічваючы гады,
Што сквапнай хваробаю,
немаччу зьнішчаны.
I на дакторак
матулі з надзеяю
Глядзяць,
і далёкіх сваіх дзяцей
Успамінаюць
часьцей
і часьцей,
Дзяцінай спагадай і ласкай
абдзеленыя.
Даверліва дзеляцца
маці з дакторкамі,
Як апошняй скарынкай,
думкамі горкімі.
А дочкі дзе,
дзе сыны?
Чакаюць
тэлеграмы яны.
|
|