Ой, калючы ялавец, –
Ягадкі салодкі.
Ой, харошы ж маладзец,
Дык няма малодкі.
Адгукніся ты на лес,
Ці хто не пакліча;
У свае парткі ня ўлез,
Можа, хто пазыча.
Будзем сватаць, што такі,
Што няма у сьвеце:
Да работы без рукі,
А рад спаць у леце.
Што ні возьме, зробе так,
Што сьвет надзівіцца:
Кіем косе, гарэць так,
Што ў латах прасьпіцца.
Ой то хлопец! у карчме
Першы ён на лаве;
Першы зваду з тым пачне,
Хто яму ня ставе.
У касьцёле на рок раз,
I то серад ночы:
Не прывыкшы, як у вас,
Лезьці Богу ў вочы.
А харошы, дык які!..
Толькі што бяз носу:
Адкусілі нос ваўкі,
Дык ня мае лёсу.
А багаты, дык на што:
Пазычыў карончык,
Як пазыча яшчэ сто,
То будзе чырвончык.
А разумны ж, дык як той,
Што ляжыць у ломе,
Смокча лапу да сьвятой
На пячы у доме.
Нуце, дзеўкі, да яго,
Як мухі да мёду:
Будзе муж хоць для каго
З добрага заводу.
Ласа есьці, смагла піць
Ня будзе адказу,
А па шлюбе жонку біць
Дык зачне адразу.
|
|