Пакуль бяжыць вада,
Датуль яна жывая.
Крывяніць дол руда,
Як рана нажавая.
Хоць двойчы не ўвайсьці
Ў раку адну і тую,
Ды хваляю ў трысьці
Яна блакіт нітуе.
Вада ад першых дзён –
Сьвянцоная, сьвятая.
Бяду і добры плён
Вір забыцьця глытае.
I, як на далані,
Я варажыў на плыні:
Ці высьветляцца дні
У восеньскім нахлыне?
Між віраточных траў,
Як маладзік з-за воблак,
З прадоньня пазіраў
Двайнік мой –
Смутны воблік.
Будзь сьветлым, твар вады,
Будзь лёгкай, хваля тая,
Што мрояў невады
На бераг дум вяртае.
Будзь вечнаю, вада,
Што ў сьнезе раставала,
З ласінага сьляда
Ад смагі ратавала.
Няхай не ў меліне
Цячэ ў яры нямыя
I тая, што мяне
Ў апошні шлях абмые.
Вада, ў вякі плыві,
Няспыннасьцю працята.
Ты вучысься ў крыві
Ці наша кроў –
Працяг твой?
|
|