I
Сюды са спазьненьнем прыходзяць
Аўтобусы і анэкдоты,
Тут рады выпіць любой нагодзе,
Чый ты і хто ты,
Тут пра цябе дакладна вядома:
Ты дома...
Задумайся ў скрусе
I памаўчы ў тужбе.
Ты ўгору цягнуўся,
А дрэвы перарасьлі цябе.
Ты імкнуўся далёка,
Было дарог табе мала, –
А сьцежка, якую вартуе блёкат,
Цябе перагнала.
Ты розум свой гартаваў
На допытным агні
Пад скляпеньнямі,
Столямі,
Пад застрэшшамі,
А роднае неба – зірні! –
Мудрэйшае.
Падаваўся ты ў шлях даўгі
Малады.
Як тыя стагі, з тугі
Пасівелі твае гады.
Адно яшчэ журба маладая
Ахвотна з табой выглядае
Свае маладыя сьляды...
II
Мамы няма – шчырасьці не стае,
Мамы няма – дні мае безь яе
Суровыя, як астрогі.
Я мяняю дарогі
I цягнікі.
А раптам дарога нейкая,
Цягнік які
Некалі высьненымі дымамі
Усё ж прывядуць да мамы...
А шумеў мне спагады лес,
Ды
Яго скарчавалі гадоў ратаі.
Раней я любіў ад'езды,
Зараз люблю – вяртаньні.
Варушыцца недзе надзеі карэньне
Мама сустрэне...