О, любы дружа! Як балючы
Твае сібірскія лісты!
На сэрца цісьне боль палючы,
Ў вачах ад сьлёз туман густы.
Табе, – ты пішаш, – апастылеў
Чужы халодны край – тайга,
Дзе ў царстве сьнегу, вечнай стыні
Бізун лютуе і наган.
Ня лепш і ў нас, гаротны дружа!
Свой родны край ты-б не пазнаў.
Тут кроў людская стыне ў лужах –
Пакуты, зьдзекаў сьвежы знак.
Амаль штодня у нас хаўтуры:
Хаваюць нашу маладосьць...
Я ў родным краю – цень пануры,
Не гаспадар, а толькі госьць.
Мы ўсе жывём у вечным страху
За наша хісткае жыцьцё,
Бо шмат каго ужо на плаху
Крывавы кат бязьвінна цёг.
Цудоўны край паволі вяне,
Ідзе на глум яго краса.
Спыніць наругу мы не ў стане,
І сьлёзы нашыя – раса.
Хоць бэз сінее каля плоту,
Ды толькі ён ня цешыць нас,
Бо і на ім чэкіст у ботах
Трымае кованы абцас.
Ня толькі дзесьці, за Байкалам,
Касьцьмі лажыцца беларус;
І ў нас чужацкая навала
Расправу чыніць і прымус.
Сялян бязь іхнае ахвоты
Усіх сагналі у калгас,
І трэба ліць ім рагі поту,
Каб зарабіць на хлеб і квас.
Табе ў чужыне сьніцца ніва.
Дзе песьні звонкія дзяўчат
Ліюцца гучна, зь пералівам,
І будзяць росным змрокам сад.
Але павер, гаротны дружа,
Што гэта – толькі гожы сон!
Жняя ня можа нават здужаць,
Каб заглушыць пакутны стогн.
Пакутна жыць... Ды сэрца грэе
Краса палёў, краса садоў.
Яна трымае ў нас надзею
На прыйсьце вольнасьці гадоў.