Беларусь, Беларусь... гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
І магутны, тужлівы іх зоў
Зловіць думкай сваёй жывой...
Уладзімер Жылка
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

У ВЁСЦЫ

Lumen coeli, sancta rosa!*

А. Пушкін


Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці,

І душы мацярэй нас могуць чараваці;

Вышэйшая краса – ў іх зьлітнасьці жывой!

Артысты-маляры схіляліся прад ёй,

Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны

Пачуцьці мацеры у вобліку дзяўчыны.

Красы тэй сымбалем, Маць-Дзева, стала ты, –

І глянулі твае з-пад пэндзаляў чэрты.

З таёмным трэпетам на іх я пазіраю,

А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю.

Мінулае сваё прыпамінаю я!

Між цёмных абразкоў прайшоўшага жыцьця

Шукаю сквапна штось трывожнаю душою,

І здараньне адно ўстае перада мною.


*


Калісьці летняю рабочаю парой

Празь вёску я ішоў. Панураю чаргой

З абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты

Стаялі – шэрыя, струхлеўшыя; як латы,

Віднеліся у сьцянах сьляпые вокны іх,

І аж чарнелася салома стрэх гнілых.

Ўсё руйнавалося, старэла, адмірала,

І мала што вакол хоць трохі аздабляла

Вясковую нуду; мак яркія цьвяткі,

Рожнакалёрныя, як тыя матылькі,

У градах высыпаў і цешыў імі душу,

Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу,

Крывую, старую... вось толькі і ўсяго.

І да таго ж зь людзей ня відна нікаго, –

Яны на полі ўсе; не мельканець спадніца,

Ня пройдзе зь вёдрамі па воду маладзіца,

Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,

Ў паветры не памкне іржаньне жарабка,

І песьня сумная не паліецца звонка...

Што ж дзіўнага, калі, раптоўна крык дзяцёнка

Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!

Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах

Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сьцяжынкі,

Да нянькі траплячы – так год васьмі дзяўчынкі.

І вось, дабраўшыся, ў падолак разам з ей

З трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй;

І, як схіляецца ад ветра верх бярозкі,

Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, сьлёзкі

Сьціраючы яму, штось пачала казаць,

Каб заспакоіць плач – зусім як быццам маць,

І саліваліся ў жывы абраз ядыны

Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны –

Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,

Здавалася, была аж да краёў паўна

Якойсь шырокаю, радзімаю красою,

I, помню, я на міг пахарашэў душою.

А можа, не краса была ў дзяўчынцы той, –

Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, –

А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі

Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.


*


Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця!

Зноў зь ціхай радасьцю цябе чытаю я.

Хай шмат чаго ўжо з тых гадоў крыніца змыла

У памяці маёй, хай той дзяўчынкі мілай

Ўжо воблік губіцца у цёмнай глыбіне, –

Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне.



––––––––––––

* Сьветач мысьлі, сьвятая ружа! (лац.)


1912  М. Багдановіч

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009