У жонкі
ахвотна камандзіроўку
Бяру я ў нядзелю
на Камароўку.
Вароты склыгочуць.
Ні шуму, ні даўкі.
Яшчэ заінелыя,
стынуць прылаўкі.
На іх дагараюць
пад стогн галубіны
I кропу прадвесьне,
і прыпар рабіны.
Агонь языкаты
у бочках жалезных.
Люблю, Камароўка,
тваю незалежнасьць!
Тут з даўніх часоў
аддаецца даніна
Законнай павагі
рукам селяніна.
...Таргуюцца зь дзядзькам,
гуркі паспытаўшы,
Манумэнтальныя капітаншы.
Паважная дама,
На ўсьмешкі скупая,
уважліва бульбіну калупае
Ў чарзе неспакойнай
становіцца першай,
Забыла, што сьніла сябе
міністэршай.
I лысыя двое,
былымі чынамі,
Стаяць за лабатымі качанамі.
На качарэжцы
дзяўчына так лоўка
Цану вызначае
хімічным алоўкам,
Нібы ў працьвярэзніку
нумар на пятцы.
Чарга падыходзіць –
няма чаго пяцца.
Кавун нападоймішча –
хлопаюць хлопцы,
Ну як пасьля ванны малому
па попцы.
Старая мяняе
рубля каляжанцы.
Тавар свой расхвальваюць
азэрбайджанцы.
Гранаты ляжаць сьцежалела,
барвяна,
Нібы капшукі,
што грашыма напханы.
На Ўсходзе
нялёгкая праца ў мужчыны –
Не разагнеш над прылаўкамі сьпіны.
Успыхвае шалік
у негра на шыі
Агнём,
што на дрэве не датушылі.
...З Малдовай
іскрыстая дружба старая!
I я ў мітусьлівым натоўпе
ныраю.
З дарогі знаёмай
нікуды ня збочыш.
Густое, заспанае,
цэдзіцца з бочак
Бычынай крывёю
віно маладое.
Хвала
вінаграднаму сырадою!
Манеты высьлізгваюць
хітрай лускою,
Кішэнь стала лёгкай,
а шклянка – цяжкою.
Каторая шклянка,
ніхто не пазнае,
Ня выдасьць ні бочка,
ні восень пазная.
Нясмачная бульба –
куплю ў магазіне.
Чаго баклажан
нос паказвае сіні?
Прапала кароўка –
навошта вяроўка?
Нашто мне авоська,
скажы, Камароўка?
...Праспэкт павузеў,
ды адбыта радоўка,
На сёньня
закончана камандзіроўка.
|
|