Пакуль далёка сьпіць залева
I сопкі песьцяцца ў смузе,
Яны ўдваіх,
Адам і Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе.
Конь пасьвіцца,
бялее грыва
Зь перастаялае травы.
Спрадвечны сум
апаў тужліва –
Лятуць у вырай журавы.
Усьлед махаюць
крыльлем кволым
Кусты, лімоньніцы, чмялі.
Спрадвечных дрэў
спрадвечны кворум,
Спакой спрадвечны на зямлі.
На момант
сэрца ён асіліць,
I здасца,
што няма трывог,
Што зь недалёкай Хірасімы
Не паскубуць вятры мурог,
А толькі ціхія павевы
Хвалююць ільмакі ў тузе.
Яны ўдваіх,
Адам і Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе.
*
Сюды,
ў дажджы,
ў мароз сіберны,
Аратаі і кавалі,
З-пад Вільні,
зь Віцебскай губэрні
Гадамі
землякі брылі.
Над імі
выраі ляцелі
Дамоў,
да веснавых грамоў,
I хмаркі плавалі,
як цені
Дымоў
з астылых каміноў.
Ад роднага стала,
ад бульбы
Дарогі розныя вялі:
Адных –
даўгі рубель
і булкі
Завабілі на край зямлі.
Тых –
залатая ліхаманка
Занесла ў непралазь пургі.
Ня горача пад лахманамі
Было ад вогнішчаў тайгі.
Ну а каму саболі пасьвіць
Давер’е аказаў урад.
Лёс –
конь натурлівы –
да шчасьця
Ня вёз:
быў час, як канакрад.
*
А раніцай
туман над сопкай –
Густая пара
над катлом:
Знаёма пахла
бульбай сопкай,
Сялом,
пакінутым жытлом.
Там
на страсе пяе салома,
Як чарацінка ў крыгаход.
I песьня родная
і слова
Былі раднейшыя штогод.
Вякі...
Прыморскія размахі...
Забыўся чорны хлеб,
але,
Як незабыўныя прысмакі,
Гасьціла
бульба на стале.
I зазімкам,
калі на тоні
Ішло дасьвецьце ў туманах,
Яна
згрубелыя далоні
Кабетам халадзіла ў снах.
Хаціны,
што ў лясных паветах
Замёў каторы ліставей, –
На шчодрай далані планэты
Былі
ад бульбінак драбней...
*
Ня хвалімся
часінай тою,
Калі яе –
усім на страх –
Палілі
з прастатой сьвятою,
Як ерэтычку,
на кастрах.
Ды ў прыску
бульбу ўгледзеў продак,
Калі карчы зглыдаў агонь,
I, нібы ўзважваў самародак,
З далоні кідаў на далонь.
Яна –
ня майце бульбу ўлегцы –
З усімі стравамі
на «ты».
Гурок, каб зь ёю поплеч легчы,
Дае нырца ў расол круты.
I смагне селядзец у лёку,
I ў лютай пары
млее кроп.
Яна сюды прыйшла здалёку –
У баразьне
па трыццаць коп...
Дыміся бульбай,
край маленства.
Яе стварала спакваля
Па вобразу і падабенству
Свайму
карміцелька-зямля.
*
Крычу на ўсё Прымор’е:
– Бульба!
Прымі паклон
ад земляка.
Расьці,
з гарачых сьнежак гурба,
Што маці сыпле
з саганка.
Ні дождж,
ні град цябе ня песьціць,
Надзейны хлеб
маёй зямлі.
Ня грэбвалі
табой і песьняй –
З сабою землякі ўзялі.
А покуль
недзе сьпіць залева,
Тайфун
вятры ў мяхах вязе, –
Яны ўдваіх,
Адам і Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе...