I
Пошчак ушчэнт пашкуматаў
Сонную млявасьць спакою.
Коньнік скача наўскапыта –
Кохкаюць лёгка падковы.
Мядзьведзь абнюхвае чалавечы сьлед,
Ашчэрана пашча багны іржавай.
Коньнік сьпяшаецца апавясьціць сьвет
Пра маладую дзяржаву.
Зямлі не кранаюцца капыты –
Вякоў абагналі многа.
Коньнік,
хачу папрасіць,
каб ты
На міг суняў варанога...
II
Атланты – інваліды
Вялікай айчыннай вайны –
Аднарукія, аднаногія.
Даўно на заробкі ў горад прыйшлі яны
З-пад Полацка, з-пад Ноўгарада.
У кружалах разьвязвалі торбы цішком,
Вячэралі прадубленай саланінай.
Шукалі работы самай цяжкой
Ільновалосыя
Селянінавічы.
Аднавяскоўцы касілі густы мурог,
А яны
ў маўклівай згодзе
Падставілі плечы пад глыбы муроў
У тысяча семісот далёкім годзе.
Паспрабуй на плячах горад трымаць.
Не дачакалі падмены.
Каменная не адпускае турма,
Самі сталі каменныя.
Маўкліва церпяць парабкі вякоў –
Ні продыху, ні адхланьня.
Я пазнаю сваіх землякоў.
Ну хто іх назваў атлантамі?
ІІІ
Чэрвень баіцца ступіць на пракосы,
Зламаныя падымае званочкі.
Дзяўчаты на Белай Русі чэшуць русыя косы.
У Ленінградзе
Белыя ночы!
Белыя ночы! Беглі ногі,
Пакуль масты не разьведзены.
Ад любага шлях дадому доўгі –
Дабраліся ледзьве...
Белыя ночы, – ці гэта блукае
Белы мядзьведзь на полюсе?
А можа, сьвятло вачэй, што патухлі ў блакаду,
Асьвяціла раптоўна Марсава поле?..
Ты не сьпяшайся,
румяны ранак!
А летняй ночанькі не надточыш...
Вачэй каханай сіняе зьзяньне.
Белыя ночы,
белыя ночы...
|
|