Панна Варшава
ня раз вырашала,
Якія туфелькі ёй даспадобы,
Якой дарогай ісьці да свабоды.
Плыла між чаротамі
льдзінкай падталай,
Зачароўвала
Напалеона таліяй.
Як Елена з Парысам,
панна Варшава
Какетавала з Парыжам.
Падымала кілішак
на ножцы гранёнай,
Цягнік варожы перакуліўшы,
гладзіла ствол варанёны...
Вайна адгрымела –
пані Варшава
Стаяла каля варштата.
Меней у супе
стала мяса,
Затое з-пад броў насупленых
зноў усьміхалася Старэ Място...
Лютуе Шапэн у Лазеньках пад хмарай навіслай.
Травою трывога пазарасла.
I хоць сірэны сышлі з арэны –
Са шчытом і мечам выйшла
на бераг Віслы
Русалка вайсковапавінная –
Сірэнка.
У паненкі выстрачана
дзявочая сукня
Радком міцкевічаўскім вершаваным.
У тужурцы
будзіла планэту сумную
Дачка яснавокая –
«Варшавянка».
Мне плыць бы па Вісьле ўспамінаў
чоўнам!
Як Варш нарачоны, шапчу ёй: «Сава...»
Нех мі даруе
панна Варшава.