Возера стаіць, не зварухнецца,
Бо агеньчыкам надкручнай хаты
Аж да дна, нібы цьвіком, прыбіта, –
Каб ня ссунулася анікуды.
Быццам купінка з сухой ігліцы,
Недаверлівы сьпяшае вожык,
Чмыхае лычком сваім кірпатым,
Нюхае – ці не прайшла палёўка?..
Драч на непадмазаных калёсах
Туманы сушыць вязе на тоні.
Кнігаўка (за дзень не дакрычала!),
Як з хвастом ушчэмленым, галосіць.
Пахнуць туманы аернай рыбай.
Точыцца зь зямлі адталай мята...
От і ты зайшоўся ў шчырым сьпеве.
Добры вечар,
салавей знаёмы!
Ты ці помніш пра старога Іцку?
Ён жа ў вёску вёз у бочцы дзёгаць,
Чорт падскочыў,
з бочкі шпунт адторкнуў –
I закапаў на дарогу дзёгаць.
Гэта ж ты яму крычаў зь бярозы,
Папярэджваў дзегцяра старога:
– Іцак, Іцак!
Дзёгаць выцек –
Кап, кап,
Ццюрр-руру!..
Выбеглі ў сяле суседзі нашы
Зь вёдрамі – Максіміха, Казьліха,
Ну а ў Іцкі – ані кроплі дзёгцю.
Як жа мне шкада было старога.
Дзякуй за ўспамін табе, залётны!..