Мілая Маці-Краіна,
Любая сэрцу да сьлёз!
Плакалі мы, што ты гінеш,
Бачылі чорны твой лёс.
Доўга жыла ты ў прыгоне,
Гора цярпела і зьдзек...
Верылі мы: не заслоняць
Хмары твой сонечны дзень.
Верылі: зьнікнуць напасьці,
Што навісаюць гурбой,
Кветка Купальская шчасьця
Будзе цьвісьці прад табой.
Час прамінуў... Нашы путы
Зьбіты магутнай рукой.
Верым душою раскутай:
Прыйдзе і к нам супакой.
З радасьцю, з гордасьцю бачу:
Зьнік з тваіх вочаў дакор;
Зь вераю моцнай ва ўдачу,
Тчэш сваіх дзён чантыкор.
Мілая Маці-Краіна,
Любая сэрцу да сьлёз!
Знаю, што ты не загінеш;
Сэрцам я чую твой лёс.