Маленькі астравок маёй зямлі –
Зялёны Астравец над срэбнай Лошай,
Такі прытульны і такі харошы,
Як сонца, бор і родныя палі.
Дом друга. Не, дом тысячы сяброў.
Не ведаю, што можа звацца раем?
Хіба мароз і піва ў Гудагаі,
І галасы далёкіх цягнікоў?
Маё другое сэрца. Год пяцьсот
Адлічваеш ты мне гады на сьвеце,
І кожны дзень аблокі, верас, вецер,
І сонца неўміручага ўзыход.
І твой сьвяты і сьветлы чалавек,
Твой дым, і крыж магутны Аняліна,
Твой лубін залаты, твой лес на ўзгорках сініх,
І стронгі ў крышталі маленькіх рэк.
Сто тысяч год няхай вакол шумяць палі,
Сто тысяч год няхай вакол гудуць дубровы,
Пакуль гучыць вакол сьвятая наша мова,
Пакуль ёсьць беларусы на Зямлі.