На бярвеньнях дзяўчаты запелі
Пра вячэрнюю стому сваю.
Песьня ў цемры і кофты белыя
Ўсім прахожым іх выдаюць.
Я іх бачыў днём на пракосах,
У вясёлым звоне зямлі.
Нават косы, дзявочыя косы
Падвязаць не было ім калі.
Падарункі іхнія зь вілаў
Я хапаў, выводзячы стог,
А яны мяне пакацілі
І жывым закапалі ў мурог.
І цяпер, калі ў росах травы,
Тут, са мною, сядзяць яны
Вельмі ціхія, вельмі ласкавыя,
Як каханьня першага сны.
Я пайшоў бы ўдваіх з каторай
Да ракі праз начныя палі
І глядзеў бы зь ёю на зоры,
Каб цябе не было на зямлі.
Ледзьве чутная песьня точыцца.
Разам зь ёю асіны зьвіняць
Пра вярбу ды пра сінія вочы,
Пра грывастага ў лузе каня,
Пра дурненькую перапёлку,
Што гняздо пры дарозе зьвіла,
І пра хлопца, што ноччу золкай
Ад сяла ідзе да сяла.
Ў іхніх песьнях – уся Радзіма,
А без гэтага чалавек,
Быццам тонкі струменьчык дыму,
Што плыве абалоньнем рэк.