Што ты, нямілая, лютая зімка,
Ў сковах трымаеш зямлю?!
Ці табе поўначы цёмнае, дзікае
Вольны прастор стаў ня люб?
Што ты халоднаю жудасьцю вееш,
Сьнегам заносіш палі,
Смуткам з жахлівасьцю сееш
Ўсюды на роднай зямлі?
Згінь, прападзі! Хай на доўгія векі
Пахне вясновай парой,
Шчасьцем і доляю для чалавека,
Краснаю ружай-зарой.
Хай маё сэрца ад холаду лютага
Не супыняе біцьцё;
Хай у Радзіме, ад путаў раскутае,
Б’ецца струменем жыцьцё.
Згінь, прападзі! Дай убачыць у росквіце
Мне дарагую краіну маю.
Променям сонца над роднаю постацяй
Песьню хвалы я сьпяю.
Дай мне убачыць над роднай зямліцаю
Працы свабоднае плён,
Дай мне пачуць, як ліецца крыніцаю
Ворагу вечны праклён!