Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людскі скрозь заліў паясы тратуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць,
Коні мчацца, трамваі трывожна зьвіняць...
І гараць аганьком вочы змучаных твараў!
А завернеш ў завулак – ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх, старасьвецкіх будынкаў;
Між каменьнямі – мох і сьцяблінкі травы,
І на вежы, як круглае вока савы,
Цыферблат – пільны сьведка мінулых учынкаў.
Ціша тут. Маўчаліва усталі – і сьняць
Ў небе купалы, брамы, байніцы і шпіцы;
Грук хады адзінокай здалёку чуваць,
Часам мерныя ўдары звана задрыжаць
І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.
Ўспамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра усе, як належа,
Зачынілі ўжо вокны; загасілі вагні...
Варта вулкай прайшла... І ня сьпім мы адны –
Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.