Гудам-звонам срэбна-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзяньніцы,
Надвячэр’ем ясна-бледным...
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

* * *

Ціхі вечар; зьнікнула сьпякота,

Весялей струіцца між чарота

Рэчка, што ўцякае у ставок;

Ўкруг яго ідзе вярбін вянок

Йшчэ зялёных, сьвежых, хоць каравых;

Плесьня каля бярагоў іржавых

Саматканым поясам ідзе,

І лілеі расьцьвілі ў вадзе.

Часам зь візгам ластаўка малая

Пранясецца нізка і чыркае

Крылечкам з разгону гладзь стаўка,

Налякаўшы гэтым матылька.

Часам лінь ці окунь успляснуцца,

І кругі шырока разыйдуцца.

Часам выпаўзаюць паляжаць

Тут вужакі шэрыя на гаць,

У канцы каторай млын схіліўся;

Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся,

Пачарнела кола, і даўно

Мохам цёмным абрасло яно.

Але сёньня ходзіць кола млына,

Бо прыйшла да млынара дзяўчына,

Каб памог сукруху з сэрца збыць.

Ў белай вопратцы яна стаіць,

Нахіліла смуглую галоўку,

І чуваць, як сэрца праз шнуроўку

Часта б’ецца. А стары млынар

Тройчы брызнуў ёй вадой на твар

I, уставіўшы на хвалі вочы,

Прыглушоным голасам шапоча:

«Пакланюся я табе, царыца,

Чыстая, сьцюдзёная вадзіца.

Ты цячэш балотамі, імхамі,

Жоўтымі, сыпучымі пяскамі,

Берагі крутыя падрываеш,

Дрэвы ды каменьні падмываеш

І нясеш іх к мору-акіяну,

К выклятаму востраву Буяну.

Там і вецер буйны не гуляе,

Там і сонца краснае ня зьзяе,

Там ня блішча ясная зарніца.

І прыносіш ты туды, вадзіца,

Важкі сум ад сэрца Кацярыны.

Я навокал абваджу тры тыны,

На замок іх моцна замыкаю,

Ключ у мора-акіян кідаю.

Як са дна ключу ўжо не падняцца,

Так і гэтым словам не мінацца».

І падносіць млынару дзяўчына

Яйкі ў рэшаце і палатніну.


1912  М. Багдановіч

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009