Вечар на захадзе ў попеле тушыць
Кучу чырвоных кавалкаў вугля;
Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,
Не скалыхнуцца ні траўкай паля...
Максім Багдановіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ЁН ГРАЦЬ НЯ СЬЦІХНЕ

Зноў Дваццаць Пяты Сакавік,

Дзень Беларускі,

наш,

усіхны.

Зайграў Ён павадкай крыві

калісьці ў нас,

і граць ня сьціхне!

Хай Ён усьцяж яшчэ ня наш,

I Беларусь хай

пад адхонам, –

інакшага

у нас нямаш,

каб за Яго маліцца Кону,

каб за Яго

ўзьнімаць з тугой

вянкі далоняў,

вейкі,

сэрцы,

каб так, як мы тут,

на Яго

чакаць, наўсуперак няверцам.

Ці ж дзіва,

што не ў лістапад

Айчына ўскрэсла,

а увесну,

калі вятры імкнуць наўзгад,

а ў кратах рэбраў шчасьцю цесна,

калі зялёны, цёплы сок

спружыніць парасткі й галіны,

а першы вырай у крысо

нябёс урэзваецца клінам,

калі такая ўсюды сінь,

аж вочы ў зьзяньне ўзьняць няможна,

о, Беларусь, –

чаго маніць –

Ты з намі

ўсьцяж,

у думцы кожнай,

бо зноў на сьвеце сакавік,  

зноў Сакавік

у снох усіхных.

Нязрыннай павадкай крыві

Ён грае ў нас  

і граць ня сьціхне!


1964  Н. Арсеньнева

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 07.01.2010