Часіна –
і ў сутоньні дагарыць
сонца брыг,
пад ветразьмі, ў разгоне.
Ужо лічаць вочы –
раз –
дык зоры угары,
а раз –
зоры йшчэ зырчэйшыя
ў Гудзоне...
Студзіць твар,
руды з гарачыні,
хвалі шэрае крылом
у доках
травень...
Упілілі пільна карані
караблі
ў ваду,
бы ў глебу травы...
Адбіваецца
каменьчыкам аб тын
іхных трумаў
плёхат
хваль прыплыву...
Адчыніўшы шырака раты,
узьбярэжжы дыхаюць хрыпліва.
Мітусяцца зыркія вагні
сьветлячкоў –
мо фараў, мо рэклямаў...
Не сумуе
аніхто
па дні,
што тугой
ці мала сэрц папляміў.
Мо журбу зь іх
змые ўрэшце ноч?
Што ж, дабранач!
Набрынялі вейкі...
Вартых сьненьня сноў ня сьнілі мы даўно, –
можа, сёньня ўсё ж
прысьніцца
нейкі?
|
|