...але вочы іх былі стрыманы,
дык не пазналі Яго.
(Паводле Лукі сьв. Эвангельле)
І была там вясна,
як наша,
хай ня лозы цьвілі, а міндаль:
распалялі зялёныя пашы
весьніх красак пурпурны вугаль,
па далінах бляялі ягняты,
маткам тулячыся да ног,
і буйных белых зор зярняты
рассыпалі лілеі ў лагох...
Срэбна-шэра
курэў гарэшнік,
шнур алівак і вінных лоз...
А вясьне напярэймы, сьцежкай,
ціха йшоў
уваскрослы Хрыстос.
Сам –
нясьцерпнае зьзяньне –
у зьзяньні,
сьмерцяй сьмерць растаптаўшы ушчэнт.
Ён ішоў, і нязгойныя раны
на чале ірдзянелі яшчэ...
У дзіўным, у сьвятым захапленьні
Богу-Сыну малілася ўсё –
агародж прыдарожных каменьні,
маладых ячмянёў каласьсё,
цёплы вецер, што згортваў з дарогі
вір пялёсткаў... і сонечны пыл...
і трава, што прабітыя ногі
цалавала, схіліўшы сьцяблы...
А пасьля –
пацягнуўся шляхамі,
ў скрыпе рогату, крыкаў, калёс,
і народ...
Толькі хто зь іх, няўцямных,
знаў, што побач –
ускрослы Хрыстос?
Праплывалі,
сьляпыя,
міма
Боскіх цёплых, пясьцівых рук
юнакі з залатымі вачыма,
сьцені старцаў, сагнутых у крук,
ды ніхто не схінуў каленаў,
да далоняў сьвятых не прынік,
хай прад сьцерплай ад сьлёз Магдаленай
на імгненьне і ўзьнік Садаўнік.
І ніхто не азваўся:
«Равуні»,
сам ня верачы ў шчасьці вачам,
смарагдовых пальмовых галінаў
наламаўшы,
ня выбег страчаць...
Падцікаўся нячутна вечар,
сіні змрок...
I ня бачыў ніхто
зь недарэчных сыноў чалавечых,
як мінаў іх,
раз сто,
Хрыстос,
як ішоў Ён, схіліўшы на грудзі,
сьветлы твар Свой,
паўзь весьняй хвалы...
Гора,
гора,
о гора вам, людзі,
бо і сяньня
сьляпыя вы!