Туман, туман на даліне...
(Беларуская народная песьня)
Плыве пластамі дым... То ўпіліцца галін
падголеных асін у чорнай грудзе гнёздаў,
сініць аўсяньня клін, дзе лежацца ляны,
аблытвае сьцяблы... То поўзае ў барознах...
Пад кудрай на ральлі зыркі трашчыць агонь.
Ды рады ці ж дасі падпаскам-падшывальцам?
Наклалі бульбы й ім, малым, – куды, чаго?
Самі ж – дык горнуць, дзьмухаючы ў пальцы.
Гарчыць, як чэмер, дым... Ня згледзець за сьлязьмі,
што ў попеле суцьмы руды асіньнік тоне,
што й сонца прысак згас...
Зьнянацку: «На, вазьмі!»
I бульбіна – вялізная – ў далоні.
I ўзноўку ўцеха... сьмех... А рэха ўсё нясе
усьлед у туманы, ў сацьмелыя далечы,
скуль руняю, ступою, па расе
нячутна крочыць верасьнёвы вечар.