1
Дайце скрыпку мне маю.
Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло –
Ветрам хоць разьвей,
Завяло ж там, завяло
Бяздольле людзей!
Бачыш, быццам чалавек,
Векам малады:
Сьлёзы лезуць з-пад павек,
Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палях,
Сышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзях,
У каленях дрож.
Колькі слава і рука
За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
Сном вячыстым сьпіць,
За ўсю працу, за ўвесь труд,
Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
Мачыху-зямлю, –
Увосень схопіць недарод
За работу ўсю.
Зімой – холадам зь сям'ёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
I не паглядзіш –
Ачапіў Мікіту звод,
Лёг пад белы крыж.
2
Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў – лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду – як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век безь перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
I вось – дайцеся ўсе дзіву –
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем, –
Цяпер стар, і ўсё ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце –
Я таксама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-насам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс.
Замест ружаў, геаргіняў –
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі ў дамавіне
Ляжу я – нядолі сын.
Спачываю, пазабыты
I чужымі, і сваймі...
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў зь зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восеньню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішча, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком,
Можа, сэрца чыё дрогне
I ўздыхне над мужыком.
3
Сагнуўшы плечы ў крук,
Араў зямлю Паўлюк,
Як чорны вол варочаў,
А з дня ў дзень, з году ў год
За плот шоў ўвесь прыплод,
Сам днём блудзіў, як ночай.
Так выйшла ўся моц з жыл, –
Араць ня стала сіл,
Настаў канец дакукі...
З касою сьмерць прыйшла,
З сабой весьць прынясла:
Пара складаці рукі!
Ўзяў шлюб зь зямлёй Паўлюк,
Ня гне ўжо плечы ў крук,
Быдлём ня чэзьне болей.
Памёр і не спазнаў,
Што на чужых араў
Ўвесь век чужое поле.
4
За сахой, бараной,
За сярпом і касой
З дня на дзень, з году ў год
Сьлёзы, пот лье народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Хлеб наш людзі ядуць,
Мы ж мякіну жуём!..
З тапаром і пілой
Маразянай зімой
З дня на дзень, з году ў год
Шуркі ставіць народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Аграваем другіх,
Самі холад клянём!..
На палац, на пакой
На сьпіне на худой
З дня на дзень, з году ў год
Бэлькі носіць народ,
А за гэта за ўсё
Што здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяем,
Дамы ставім людзям,
Самі мром пад вуглом!..
5
Як выйду за хату
На траву-лагі,
А што ж касіць буду,
Божа дарагі?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што ж буду касіць?..
Туды-сюды, сям-там –
Сьмех казаці людзям:
Сівец, аер, куп'ё –
Вось і ўсё, вось і ўсё!
*
Як выйду за хату,
Дзе дабро – шнурок,
А што буду жаць я,
Зьбіраць, везьці ў ток?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што ж буду зьбіраць?
Туды-сюды, сям-там –
Сьмех казаці людзям:
Мятлу, гірсу, званец, –
Вось і ўсё, і канец!
*
Як выйду за хату, –
Бор шуміць, пяе...
А што ж буду сеч я,
Дзе хвойкі мае?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Дзе дровы, бярно?
Туды-сюды, сям-там –
Сьмех казаці людзям:
Лаза, корчык, гнільлё, –
Вось і ўсё, вось і ўсё!
*
Як выйду за хату, –
Дарога ідзе,
А куды ж, кудою
Мяне павядзе?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Куды ж завядзе?
Туды-сюды, сям-там –
Сьмех казаці людзям:
У астрог, у карчму, –
Вось і ўсё усяму!..
6
Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскія палацы?
Ці там сват, ці камрад,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабіць там
Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
Трудах, потам зьлітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?
А мо' дзе на куце
Разам там саджаюць
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом –
Панскія парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
З шапкаю ў парозе –
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.
А вунь, дзе панна йдзе, –
Якія, ах, шаты!
Што глядзіш? – у яе
Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё ж госьць, –
Думай і аб хаце...
Вось, сабак дворных дзе
Не спаткай, мой браце.
Ну, пайшоў ты дамоў
Нязваны, нясланы,
Са сьлязой пад брывой,
Нясыты, няп'яны.
Знаць, ня так, небарак,
Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
Піці, весяліцца.
Што ж рабіць? трэба жыць...
Слухай долі-маткі
I панам ня хлюсьці,
Пільнуй сваёй хаткі,
Цемнаце, беднаце
Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
Каб на рэчы знаўся.
Вер, ня вер, як ня мер,
Мой гаротны браце, –
Дзе радзіўся, дзе ўзрос, –
Трэба і ўміраці.
7
Сажань шырынёю
Надзельны шнурок...
Пустыня, бяз гною,
Каменьне, пясок...
Пад сьнегам адпрэла
Жытцо за зіму;
Прыхваціпа, зьела
Сьпека ярыну.
Бульба – як арэхі,
Як цьвек – бурачок...
– Вось скарбы, пацехі
Твае, мужычок!
Багаты будзь зь нівы,
Ўвесь чынш заплаці;
Будзь весел, шчасьлівы,
Ня пі, не крадзі!
Жый згодна з усімі
І Бога хвалі,
Не крычы з другімі:
«Свабоды! Зямлі!»
8
Нашто хлеб, нашто багацьце,
Калі нам мякіны хваце?
Нашто боты, чаравікі,
Калі ёсьць лаза і лыкі?
Нашто век зямлі хацеці?
Памром – сажань будзем меці!
Нашто новыя нам хаты?
Казна, двор і так багаты.
Нашто сьвет навукі шчаснай,
Калі сьлёзы сьвецяць ясна?
Нашто лек на гора болькі,
Калі маем манаполькі?
Нашто знаці ўсяго многа?
I так трапім да астрога!..
|
|