У карчме прыдарожнай,
старой, як асінавы пень,
Можна верш напісаць,
звонкі і залаты, як манета...
Ды манету прап’еш.
Ну а верш – неадвязны, як цень.
Ён у сэрцы дрыжыць, як страла.
Ён з чужога сусьвету.
У сырым сутарэньні,
адкуль край магілы відзён,
Можна верш напісаць,
быццам зорку прыўлашчыць малую.
Толькі зорка пагасьне...
А верш – бласлаўленьне й праклён –
Ён з табой назаўжды,
як на скуры агню пацалунак.
Можна верш напісаць
у дарозе, у доме, у сьне,
Можна выплакаць словы
ці вычуць у сьпевах сьвірэлі.
Толькі тут... Толькі ў гэтай
суцэльнай, вялебнай мане
Верш такі недарэчны,
як мнішка у танным бардэлі.