Спусьціла ноч на землю чорны полаг.
Танок сьняжынкі за вакном снуюць.
А мне?.. Душу стрывожыў шэры морак‚
Крывавіць сэрца... Не магу заснуць...
Заплюшчу вочы. Скрозь павек я бачу
Цябе‚ сынок. Крычыш: Та-та!.. Пільнуй!..
І часта дышаш подыхам гарачым‚
Раскідаў ручкі‚ коўдрачку сапхнуў.
Гарыць твой лобік‚ тварык палыхае‚
Шавеляць вусны: - Божа! Я адзін...
А колькі суму з вочак пазірае!
Мой любы‚ родны‚ дарагі мой сын.
Вось ручку кволую узьняў ты на хвіліну‚
Пытаеш позіркам: - Дзе тата?.. Дзе?..
Мой родны тата! Ты сынка ня кінеш!
Дасі ратунак хвораму ў бядзе!
Ня плач‚ сынок! Адкінь трывогу‚ роспач!
Мінае ноч‚ а з ранкам дзень бяжыць.
Жыцьцё крыніцаю наўкол цябе палошча.
Ты не памрэш! Сынок! Ты будзеш жыць!