Іржавым пяром на балонах лісьцін
кладзе лістапад свой раскідзісты росчырк.
Праймаюць і смутак і золь да касьці,
няма ім упынку ні ранінем, ні змрокам.
Гэй, вятры, вятружыны –
завірухі,
засыпайце лужыны
белым пухам,
пад глухія тэрцыны
цёмных хвояў,
леце, леце ў сэрцы нам
белы солад.
Паслухалі ветры... «Лявоніху» йдуць
па шэрым памосьце іржышчаў ды лянішч,
распырскваюць зь песьняй балота, ваду,
як быццам пад’елі дзе ўсмак дурнап’яну:
«Ой, Лявон Лявоніху
маладую,
сваю ўцеху-сонейка
не шкадуе,
як прыцісьне пруткую,
пойдзе ў скокі,
вірам хата круціцца
сінявокай!»
Імклівей, імклівей, шпарчэй і шпарчэй,
рагочачы, скача над гурбамі вецер.
Гадзіна, другая – і скрозь разатчэ
ён срэбрам ды беляй і нівы і вецьце.
А тады усьцешыцца:
«Й я ня зломак»,
усьміхнецца месяцу
залатому,
усьміхнецца хвойнікам
і дубровам,
як Лявон Лявонісе
чарнабровай.