Ён хаваў свае творы, нібыта грахі,
Што няволяць душу, быццам бы берагі
Беларускую рэчку, якая вясною
Разьліваецца, быццам блакіт над душою
З адзінокага неба, нібыта з вакна,
За якім ты, як сонца, заўсёды адна...
Ён хаваў свае творы, нібыта зладзей,
Што дажджліваю ноччу залез у музэй
І партрэты прыўкраснай князёўны пакраў
І назаўтра пра гэта людзям расказаў,
Каб судзілі яго, як на Страшным судзе
І ўтапілі ў маўчаньні, нібыта ў вадзе...
Ён хаваў свае творы, нібыта сьцягі...
Ён хаваў свае творы, нібы ланцугі...
І нарэшце яго пахавалі самога,
Бы схавалі запалкі ад хлопца малога...