Імкнуць, як на ветразях, шпаркія дні,
няўтомна, няўлоўна, бязь сьмеху, бяз сыці.
Ды люба душу непакоем дражніць,
асеньняй трывогай трымцець, залаціцца...
Хто ведае,
можа, пакутай, жудой
нам быў бы дзядоўскі спакой ці пакора
і ў шчасці –
із прагай дзікой, маладой
шукалі б мы дробных аскепачкаў гора.
Сягоньня, прынамсі, жывём запраўды
мы й кажнаю думкай
і кажным імкненьнем.
Ня трэба нам праўды з маною гадзіць,
ня рупіць –
мы грэшныя болей ці меней.
Нат шчасьце –
і тое інакшае ў нас:
ня сон супакойны, а чын і змаганьне.
Інакшаю ўцехай нас поіць вясна,
інакшай тугою нас восені раняць...
I цяжка нас слоўкам пустым спадманіць,
спаіць палыном мест купальскага зельля.
Імкнуць, як на ветразях, шпаркія дні,
у лепшае заўтра
дарогу нам сьцеляць.