Так неяк збрыдла мне усё.
Жыцьцё даўно ў жалобнай раме.
Стаптаны мрой сівы драсён,
трэ зачыняць, здаецца, краму.
Ні новых тэм, ні слоў няма,
усё абсмоктана, бы костка.
Хто ж днём асеньнім пераймаць
памкне бель яблынных пялёсткаў?
Хто з шэрай сівернай імглы
наткаць патрапіць ясных тонаў?
Хто пераўе сухі палын
на шоўк вясны, мяккі й зялёны?
Бадай у кажнага ў грудзёх
трымціць асінавае сэрца.
Ня чуе сьвет з трывогі ног,
ці ж да актаў яму, да тэрцын?
Сьпявай сабе, як салавей, –
на радасьць песьні не спатрэбіш.
Пагардай сяньня дораць верш:
зь яго ж ня вымеш булкі хлеба,
не затаўчэш ім і куцьці,
ня вернеш тых,
каго ня стала.
Скрозь нудна, шэра у жыцьці,
навін так шмат –
і гэтак мала!
Дык хоць гарыць лісьцё асін
чырвоным сполахам наўкола,
сінеюць пальцы, і ў душы
такі асеньні, золкі
холад...