Лягла вясёлка мастом трымцівым,
мастом, сатканым з калёраў кволых,
ад мокрых сьцежак, ад росных ніваў
у бор сасонны, сівы й вясёлы.
Красою чыстай ты цешыш вочы,
красой нясталаю, як доля...
Чаго ж прыйшла ты, чаго ты хочаш,
чаго ўзрунела, вяселка, ў полі?
Пацешыць хочаш нязвычнай казкай,
узьняць зь нізінаў у вышу вока?
Гарыць вясёлка нянаскай краскай,
мастом трымцівым лягла высока.
Мастом тым здані да нас зыходзяць
з паднебнай вышы, зь нязнаных даляў,
вясьняным чарам нас надзяць, зводзяць,
калышуць сьпеўным напевам хваляў...
З краіны дзіўнай маны й надзеі
і сны сплываюць па ім, няйначай.
Шчасьлівы ж той, хто сьніць умее,
шчасьлівы той, хто іх пабачыць!