Даўней мы пану
Рабілі дзела,
Дый вось казны «ўласьць»
К нам падасьпела.
I з клюшняў панскіх
Збавіла нібы,
Дала на ўласнасьць
Поле, сялібы.
*
Даўней мы знаці
Мусілі пана,
Каб карыстацца
Зь нівы ўспаханай.
Цяпер жа ў двор сіл
Цягнеш астаткі,
Каб зарабіці
На ўсе падаткі.
*
Даўней у пана
Ў тагдышнім пекле
За правіненьне
Розгамі секлі.
Цяпер жа земскі
Дый з казакамі
Чыніць расправу
Штодзень над намі.
*
Даўней нам «мамкай»
Двор быў з нагаем,
Цяпер казну мы
«Матушку» маем.
Ох, маем шчасьце
На самым дзеле,
Век без апекі
Жыць не пасьмелі!
*
Пейма ж, гуляйма,
Гулка, ня сьлёзна!
Скрышаны путы
Паншчыны грознай.
I ўсё мінецца,
Народ, крапіся,
Крыўды галосяць:
Паўстань і мсьціся!
|
|