Сын кліча мяне ў вандроўку
яму карціць пабачыць тое
што ніколі ня бачыў
пачуць –
што ніколі ня чуў
паспытаць –
што ніколі не спытаў
ён яшчэ верыць у свае здольнасьці –
усё пабачыць усё пачуць усё паспытаць
і я быў некалі такім
што параіць сыну?
сказаць што гэта марны занятак –
ці ня згубіць хлопец цікавасьць
да жыцьця?
патлумачыць – што нельга ахапіць
неахопнае –
ці дасьць веры?
параіць – засяродзіцца на чымсьці
адным –
ці не памыліцца ў галоўным?
нічога ня буду казаць
мы пойдзем разам
і я ўбачу тое
што ніколі ня бачыў
пачую тое
што ніколі ня чуў
паспытаю тое
што ніколі не спытаў