Аб чым спрачацца мне з табой?
Мы дзеці рознае сыстэмы,
Цябе хвалююць, дружа, цэны,
А я лічу іх рост лухтой.
Што мусіць быць у сьвеце гэтым –
Адбудзецца, як не суроч,
Дзень сыйдзе, запануе ноч, –
Наклеюць новыя партрэты.
І толькі твой уласны сьвет
Залежыць ад твайго жаданьня,
Ніхто, ні ў якім Татарстане,
Ня зьменіць рух яго плянэт.
І лепшай зброі для людзей,
Чым моц свайго нонканфармізму,
Ня ведае сусьвет вялізны -–
Ні ліхадзей, ні дабрадзей.
Бо Д'ябал можа спакушаць
На ўзроўні цэнаў і пасадаў,
Улады, страўніка, акладаў –
І толькі гэтак кіраваць.
Парадак усталюе тут
Бадай што толькі мужнасьць духу.
Змагайся з Д'яблам, космас слухай,
Вазьмі СВАБОДУ за статут.