Дзе вуліцы, дзе сьнег даюць па картках,
Ніводнай страказы, ні мятліка, ні пчолкі,
Адзіны слуп, зь яго
у бездань скокне месяц, –
Ўладаньне змрочнага Аіду.
Прыступак не відно – ідзеш
гарызантальна,
Ў паветры жахі сноў дзіцячых
Лятуць усьлед –
паветраныя шарыкі на нітцы.
Хачу сказаць: – Бывай, Тантал!
Аід не гаспадар – ён Пан і Бог,
Ён сустракае кожнага абдымкам,
Ягоная гасьціннасьць – хітрыкі пракуды,
Дзіця – якому безьліч год.
І ты, ахвяра ўласнага нахабства,
Вар'ятам аглядаеш сьвет фантомаў,
Зьняверлівы ва ўсім, ва ўсіх, –
Бывай, Тантал!
Зярнятка кволае – адзіны апанэнт Аіда,
Для навуковых спрэчак вільгаці хапае.
Дарэмна шкадаваць цябе, Тантал,
Ты сам сабе ўзнагарода і вырок,
Твой лёс, як лябірынты Мінатаўра,
Ты заблукаў, ты схлусіў сам сабе.
Вада зьнікае – рэха вадаспадаў
цьвеліць:
Бывай, Тантал!
Бывай, ні шкадаваньня, ні трымценьня,
Учынкі засталіся за плячыма,
Цяпер маё жыцьцё крынічкаю
струменіць,
Кудысь бяжыць, сьпяшаецца ўпарта,
Ніхто ня ведае куды.
Ты назіраеш з хіжасьцю вар'ята,
Ня верыш іншаму зыходу,
(Падман Аіда?) бо вакол фантомы,
І толькі голас мой сапраўдны:
Бывай, Тантал!