Ён прынёс у сьвет сваю загану –
Жвір у ботах, а ў душы сухмень.
На дарозе, з пыхаю тырана,
Прыхадзень сустрэў сівы камень.
Падышоў ён да раптоўнай перашкоды,
Абтрасаць пачаў свой левы бот:
Пазасыпваў гарады, народы –
Жвір наладзіў спраўны карагод.
На камень жа моцы не хапіла, –
Прыцярушыў ледзь пукатыя бакі.
Мусіць, думаў – тут яму магіла,
Толькі памыліўся, дарагі.
Правы бот ён скінуў без развагі,
Трос яго з усіх вар'яцкіх сіл.
Быццам джын з чароўнае біклагі,
Сьмерч пякучы хвоіны валіў.
А камень ні кроку, ні паўкроку,
Ні назад, ні ўперад, ні ў бакі, –
Нібы сонца між аблок высока,
Нібы бераг стромкае ракі.