Партызанскага лягера
Трохі пажоўклае фота...
Вынаходніцтву Дагера
Дзякуй ад шостае роты!
Ад яе камандзіра,
Русачубага, першага справа.
На дзевяты дзень міру
Ён загіне пад Прагай.
Побач – справа другая –
Дарагая яго, сувязная
Застанецца жывая...
Ды ніхто шчэ пра гэта ня знае.
I народзіцца сын.
Русачубы.
Ваенным пілотам
Ён праз трыццаць адзін
Год
сустрэнецца з шостаю ротай.
Парадзелай, сьсівелай,
Адно і багатай –
на страты...
Стане зьлева
I будзе глядзець вінавата.
Рота ахне суладна,
Памяць роту ажно захістае:
«Гэткі ж стройны і ладны!
Толькі роты яму не хапае...»
Рота вырашыць справу
Як належыць: бяз музыкі доўгай
Загадае стаць справа,
Першым справа –
па праву і доўгу.
I саступяць гады,
Ажыве і паўторыцца фота:
Камандзір малады...
Зь ім ягоная
Шостая рота.