Няхай абрынецца сьвятло,
Няхай раскрые змову ночы,
Каб беспрытульным стала зло,
Якое наш падмурак точыць.
Юлія Новік
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

СКРЫПКА МАЦІУША

Іграй нам, Маціуш, іграй.

Ня так, як заплацілі грошы,

А так, як ветрам ліст палошча,

Шпачыных сьпеваў поўны, гай,  


Над качарэжкамі галоў,

Над гаманой коснаязыкай –

Ня трэба нам вялікіх слоў,

Даволі музыкі вялікай.  


Іграй нам, Маціуш, іграй!

Ня стане музыка таварам,

Пакуль па чардах у мадзьяраў

У чарках холадна мядзьвяных

Бурштынава бруіць такай.  


Паўней жа чаркі налівай!

Іграй нам, Маціуш, іграй.  


Хай твая скрыпка –

                                 часу ўзбоч –

Вядзьмуе

               дамаю піковаю...

Са мной такая чарнабровая,

Што пада мной сьвятлее ноч.


Як абдымае – не пытай.

Іграй нам, Маціуш, іграй.  


Не замірай

                  на тонкай той,

Шчымлівай той,

                           дзе сьлёзы просяцца.

Такая ў сьвеце безгалосіца –

Лепш пакараньне нематой.


Ты нематою не карай,

Іграй нам, Маціуш, іграй.  


Ну хто

           грашыма шапацець!

Панакуплялі за валюту

Сьвятых, што пазіраюць люта,

Крыжоў пазелянелых медзь.


Цяпер і музыку купіць

Прыйшлі на рэшту –

                                   ды музыка

Ад струн не адрывае смыка,

Ня купіш тое, што гучыць!


Ня хопіць золата на рай.

Іграй нам, Маціуш, іграй.  


Іграй нам –

                    рукі чарнабровай  

Па шчоках рэкамі цякуць,

Іграй –

            прасторам чабаровым

Праз дым і чад я змог дыхнуць.


Ужо ўва мне ўвесь сьвет шырокі,

Рык горада, мальба сяла...


Пайшла Эўропа

                           рукі ў бокі,

У скокі Азія пайшла!  


Хто зможа паяднаць людзей,

Даць веру ім і даць надзею?..


Іграй,

Іграй жа, чарадзей,

Дай Божа сілы чарадзею!  


Хай не змаўкае скрыпкі сьпеў

Да той хвіліны прасьвятленьня,

Калі здаецца: ты пасьпеў

На душ людскіх перасяленьне,


Калі нябёсы, як званы,

Гудуць сьвяточна, і,

                                 зьні-

                                         ка-

                                               ю-

                                                   чы,

Ты абдымаеш шар зямны,

Мадзьяркі плечы абдымаючы...


  У. Някляеў

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 22.05.2009