Заходзіць сонца пагодняга лета,
Веіць вецер з заходніх нябёс.
– Здароў будзь, вецер з далёкага сьвета:
Добрыя ж весьці да нас ты прынёс!
– Здаровыя ж будзьце, эй, добрыя весьці!
Там, на Захадзе, праліваюць кроў,
Б'юцца для славы, свабоды і чэсьці
I робяць вольных людзей з мужыкоў.
Гудзяць вясёла і песьні, і танцы
У добрым жніве на шчасьлівы год.
Годзе вам, годзе, царыкі-паганцы,
Таптаць у балотах хрышчоны народ.
Годзе ж вам, годзе ў яснай карэце,
Годзе, чыноўнікі, езьдзіць у двор,
Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,
З хаткі астаткі даваць на пабор.
I панская дзецка, і хамская юха
З аднэй кватэркі папіяюць мёд:
І прысягнулі навек, да абуха,
Быць сабе вольны і роўны народ.
Мужык і шляхціц засядзе на лаве,
Каб весьці раду а сваёй зямлі.
Як трэба думаць а грамадскай справе,
На адно мейсца, як браты, прыйшлі –
А як урадзім вайну на грамадзе
Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом,
Мужык і шляхціц на каня усядзе
Касіць касою, рубаць тапаром!
Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песьню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.
Зямля ты наша, зямля ты сьвятая,
Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, –
Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю
На магазын наша зерне браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце.
Паны мужыцкіх сьлёз не забяруць –
Мужык і шляхціц стаў за пане браце,
Рукі за рукі і грудзь за грудзь.
Пяром на карце, сахой на ніве
Адзін другому роўнасьць засьцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасьліве,
Мы будзем дзеткі, а наш бацька – Бог!