А ў час гэты зоркавы
Дарогай спатканьняў
бязьлітасна позьніх
Прайшла, затуманіла зрок мой
Паўднёвая Поўнач.
З раньніх вершаў
У асьцярогу хутацца.
Лаяцца сыта.
О, забароненай хуткасьці
Смак пазабыты!
Навошта, нібыта ў сподачку
Рыбка пад марынадам,
Ты прыплываеш з Поўначы?
Страўнік мой радаваць?
Курортны гастрытык
Пад гэту закуску
кіліх налівае
Не поўны. Вясёлы і спрытны –
Я сьпёкся...
Разыдземся,
Поўнач!
Усе твае белыя гамы
Я граю на памяць!
Што ж горача, як пад нагамі
Тарфянікі паляць...
Гуляю на Поўдні, –
А ў небе, як краб у палонцы,
Высушвае промні
Тваё зьледзянелае сонца,
I поўня
на воблака ўскрайку
Сьвятлее над ночы мазутам
Так, быццам
у ноч гэту ўкраўся
Твой, Поўнач, лазутчык.
Між намі прастора,
Якой на краіну хапае.
А цёплае Чорнае мора
Раптоўна сьцюдзёнай запеніцца хваляй.
А сыдуцца хмары –
I градзіны скачуць на пляжах.
Якую ахвяру
Яшчэ патрабуеш,
ня скажаш?
Прынцэса ў карунках,
Зьлічы мае страты і згубы,
Твае пацалункі
Навек апалілі мне губы.
Кахала сурова,
А сэрца забрала
палову.
Ці так ганарова,
Што я твой палонны?
Разыдземся, Поўнач!
Туга невыносная поўніць.
Што трэба мне помніць –
Я помню:
...На спідомэтры стрэлка гакала,
Калі з поўнай калодай тузоў
Я ляцеў у расхрыстаным "газіку"
Не кранаючы тармазоў...