1
Сумую па табе, мой горад.
Як ні напоўнена душа
Палёў прасторам, шумам лесу
I плёскатам крыніц і рэчак, –
Сумую па табе, каменным.
Гады глыбеюць. Не злучыць
Карэньні зь вершалінай стромай,
Якую толькі ледзь хістае
Вяртаньняў нашых нізкі вецер.
2
Пагоркамі, дзе грае рэха,
Працяглым звонам касавіцы
Працуе ліпень... На вазах
Плывуць зялёныя аблокі.
З дарогі падыму травінку –
I загарчыць на вуснах лета,
I пошук страчанага часу
Патрэбным здасца і дарэмным.
Дзяўчо на возе засьмяецца
I кіне недасьпелы яблык,
Які ўпадзе, як узарвецца,
У босы сьлед майго маленства,
У пыл гарачай каляіны.
3
У горад мой, да сьцен каменных,
Вяртаюся з палёў і рэчак,
Сьвятлее ўсход паловай сонца,
Мінулым і наступным днём,
I час, які не захаваць,
Не зьберагчы ў сабе навечна,
Сухой травінкай касавіцы
Шапоча пад чаравіком.