Туды адгэтуль не дабрацца.
Огдэн Нэш
Загаманілі, загрукалі колы
Спадам трывожным...
Што замаркоціўся, што невясёлы,
Мой спадарожнік?
Як пакідаеш, каго пакідаеш,
Сябра, дзяўчыну?
Суму свайго не дазваляеш
Ведаць прычыну.
Мусіць, абодвум нам сёньня ня трэба
Сьлёзнай спагады.
Кружыць за вокнамі нізкае неба
Колеру здрады.
Рвецца цягнік з-пад яго, падмінае
Вёрсты за вёрстамі.
Там праясьнее... Там нас чакае
Добрае. Простае.
Толькі вось памяці шлях – адваротны,
Даўняя справа.
Гэтак паўзе скатаваны, гаротны
Трус да удава.
Гэтак забойцу да мейсца злачынства
Цягне няўмольна...
Мой спадарожнік! Наперадзе чыста!
Сьветла! Прывольна!
Мой спадарожнік, мы не галернікі,
Не прыкаваны!
Нашы надзеі, нашы амэрыкі
Не адкрываны.
Будзе жыцьцё з карагодам і танцамі,
Зь песьнямі ў згодзе!..
Гэта яшчэ не апошняя станцыя,
Што ж ты выходзіш?!
Што ты ў вакенца зачыненай касы
Цісьнеш рублёўку?..
Бліснуў сустрэчны, як з-пад абцаса
Падкоўка.
Туга хіснуў на слупах правады
Вецер імклівы...
Нехта сьпяшаецца, рвецца туды,
Адкуль уцяклі мы...