Люблю я сонца залатое,
люблю прыгожаю вясной,
калі ўсё новае, сьвятое
сьмяецца радасна са мной.
Люблю нябёс вясьняных ласкі,
цалункі цёплых ясных кос,
што песьцяць дрэвы без падказкі,
што грэюць лісьцейка бяроз.
Аджыў наш сад. Да сонца дрэвы
галінкі цягнуць, бы ў паўсьне.
Направа сіні сьцень, налева –
усё ўсьміхаецца вясьне!
Цьвіце чарэмха і чарэшня,
паненкай яблынька стаіць,
зь ёй ветрык песьціцца, і песьня
сьвятлу, вясьне ўвушшу зьвініць!
Вясна, вясна, дачка лятункаў,
нясі ж сьвятло, нясі жыцьцё,
нясі атруту пацалункаў,
красуй, вясна, кахай усё!
Любі, тулі, сагрэй каханьнем,
жыцьцё зямлі, жыцьцё людзей!
Табе адкажа сад пяяньнем,
Дый сэрцу будзе весялей.
Цалуй лясы, ідзі гуляці
ў палі, ў лясы пагодным днём.
Кахай, кахай зямліцу-маці,
палі яе, палі агнём!