Уступаю ў пару лістапада.
Дай руку.
Аціхае зялёная музыка звадаў,
Пад якую скакаў я,
Як цэп на таку.
Прадчуваньнямі сэрца зайшлося.
Падрыхтоўваю споведзь лясам.
Вось збылося...
Што збылося – ня ведаю сам.
Выпраўляе нас лета,
Выпраўляе – назад не чакае...
Ведай, любая, ведай:
Немінуча кахаю.
Дай руку, хай спаткаюцца
Акіяны пяшчоты і млосьці...
Маладосьць прадаўжаецца
Успамінамі аб маладосьці.
Гэтай сумнай высновы
У наступныя дні
не бяры.
Недзе цень мой сасновы
Шчэ шуміць у бары.
Недзе твой, тапаліны,
Атуляе чаромху і бэз...
Можна жыць з успамінамі.
Можна без.
Ранак наш – верагоднасьць...
Непазбыўна планету цяжарыць
Непарыўная роднасьць
Пладоў і пажараў.
Ты абрана прыродай,
Яна табе права дае
Таямніцай валодаць –
I ня знаць пра яе.
Спачуваць?..
Ці зайздросьціць?..
Твайго болю збаўленьня
Ня ўспомню!
Маладзік маладосьці
Акругляецца ў поўню.
I прыходзіць гадзіна
Не зьбіраць і раскідваць каменьні,
А прад любай, адзінай
Стаяць на каленях.
Празь яе парадніцца
З кожным дрэвам, вадою, травою...
Дай руку,
Дай мне зноўку зьявіцца ўратаваным табою...