Ня выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесьці рэчы...
Ля весьніц толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі,
Глядзіш удаль з-за шкла партрэта...
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.
А я... чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацьвёртым... летам.
Калоны ні адной ня мог
Я прапусьціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: «Сынок...»
I крыкнуць радаснае: «Тата!»
Бацькоўскім быў мне кожны крок...
Усё ішлі, ішлі салдаты...
Каторы раз сыходзіў сьнег...
Дамоў вярталіся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
I чуў кароткае: «Прыедзе...»
Калі ж у крыўдзе мне сябры
Гразіліся падчас бацькамі,
Тады хацелася наўзрыд
Заплакаць шчырымі сьлязамі.
Ня плакаў я – усім на злосьць,
Бо ў хаце быў адзін – мужчына.
Ня йшоў ты...
Маці маладосьць
Глыбей заворвалі маршчыны.
I зараз – еду я здалёк,
Чакаю ўсё – зайду, а маці
Мне скажа: «Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце...»
Паверыць цяжка мне таму,
Што больш ня прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай...