Я ўсё на цябе наракала,
Што ты маю душу прадаў.
Адзіны, каго я кахала,
Ты маё сэрца забраў.
Халодныя ночы і ранкі,
Сьпякотныя, ясныя дні,
У Паўночным былі Казахстане,
Зьняволена - я, вольны - ты.
Хоць гады былі не малыя,
Сапраўды была я дзіцём.
Чаму я цябе пакахала
Вясною пад лунным дажджом?
Калі ты яшчэ памятаеш,
У парку на танцах былі,
Які я танцор, гэта знаеш,
З табою спаткаліся мы.
Я танчыць яшчэ ня ўмела,
I стоптвала ногі твае,
А быць, як другія, хацела,
Хлапцы запрашалі мяне.
Нічога, казалі, навучым,
Табе у кутку не стаяць,
Дзяўчыначка ты зь Беларусі,
Мы хочам з табой танцаваць.
А хлопцы былі да падбору,
Яны адно з фронту прыйшлі,
На Сеньнішча зналі дарогу,
Дамоў грамадою ішлі.
Не часта на танцах бывала,
Туды не цягнула мяне,
Але, як цябе я спаткала,
Агонь заіскрыўся ў душы.
Здавалася мне, што ты родны,
Магчыма, із нашых краёў,
Дуў вецер сібірскі халодны,
Ад цябе патыхала цяплом.
Умеў ты мяне ўлагодзіць,
Дагэтуль я дзікай была,
Да Сеннае базы праводзіў,
У Міхіных тады жыла.
А хата ў іх дзернавая,
Мазанкамі звалі там іх,
I там малайцы ўдалыя
Шукалі заранак сваіх.
Вось так я і Сашу спаткала,
Ён быў заліхвацкім хлапцом.
Ляцеў час, яго пакахала,
I часта былі ўдваіх.
Хацеў і мяне ён знаходзіў,
Каб з працы дамоў правясьці,
У каханьні няма перашкодаў,
Сільнейша яно на зямлі.
А зь ім я была так шчасьліва,
Ня лез, не нахабнічаў ён,
За гэта яго я любіла.
I думала, - ён будзе мой.
Хоць мама ў дарогу казала:
«Ня вер ты нікому, дзіця...»
Мяне як ў Сібір выпраўляла,
Яе словы ўзгадвала я.
«Ты там не адкрый свае душы,
Усе тайны свае захавай,
Спаткаеш каго зь Беларусі, -
Душы яму не адкрывай,
Бо здраднікаў многа між люду,
Пабудзь там, яшчэ пацярпі,
Як тата з астрогу прыбудзе,
Штось зробім, прыдумаем мы».
Мамачка мая, ты заўсёды
Ад бяды адхіляла мяне,
У ясныя дні, у непагоду
Жывыя парады твае.
Саша, я чую, што любіць,
А я хоць люблю, ды маўчу,
Калі дзень разьвязкі наступіць,
Пра ўсё я яму раскажу.
Учора праводзіў дахаты,
А сёньня мяне не спаткаў,
Так трэба, ён вельмі заняты,
Сам ведаў, сакрэты хаваў.
А рукі яго як ніколі,
Сьціскалі, тулілі мяне.
Шаптала я: «Саша, даволі,
Не муч, ты каханы, не, не!»
Дазвол далі бацька і маці,
Яго бацькі супраць ня йшлі,
А мне трэба ліст адаслаці,
Ці татка вярнуўся з турмы?
Ранютка бягу я на працу,
Ды сёньня мяне не спаткаў,
Сьляза спаласнула мне вочы,
Што ноччу ён іх цалаваў.
Мінула дзесята гадзіна,
Настаў час паперу канчаць,
Даўно яе я падлічыла,
На стале паперкі ляжаць.
Паходзіць да мяне хлопец,
Прайсьці ў МВД запрашае,
Няма ў мяне часу, хоч рэж,
Паперы даўно там чакаюць.
Нічога, мы вас не надоўга,
Хвілёвае быццам рашэньне,
Ісьці вам патрэбна ўсё роўна,
Вазьміце з сабою адзеньне.
Ружовы будынак, дзьве вышкі,
З кулямётамі стаяць салдаты,
Не думала я куды йшла,
Ня бачыла, што ў вокнах краты.
Вялікі й глухі калідор,
Аббітыя чорным там дзьверы.
У форме вайсковай канвой,
Хлапец падаем ім паперы.
Адчыняць мне дзьверы ў пакой,
Сядзіць за сталом мілы Саша,
Углядаюся добра - ці ён?
Душа замірае, ня плача.
Хоць люблю, да яго не бягу,
Абняць хлопца - ня гонар дзяўчыне,
Няўжо праўда, магчыма, я сню,
Што ён вочы ўверх не падыме?
Ня бачыць, як учора, цяпер
Можа, здань ён і мяне ня знае,
Голас мамы «ты хлопцам не вер»
Нейкім цудам сюды далятае.
Стаю ў задуменьні гляджу я на стол,
А ён мяне вочмі зжырае,
Дзе тыя клятвы: мая, а ты мой,
Любіма, кахана, мая дарагая?
Падумаў, нэрвова паперы бярэ,
Фатакартку маю выцягае,
Дрыжаць яго рукі, глядзяць на мяне,
Я не Ліда, Надзея, - ужо знае.
I колькі ў пакоі мы зь ім прабылі,
Сядзелі, маўчалі, глядзелі абое,
Якія ў нас думкі, пакуты былі,
I вызваў ахову з канвою.
Я ціха сказала: «Бывайце, бывай,
А сустрэнемся ці мы з сабою...»
Тут канвой дзьверы шырока адчыніў.
Я не адчувала, што страціла волю.
I я пасьпяшала ісьці да дзьвярэй,
Што нядаўна адкрыў праважаты,
У другую дарогу сягоньня пайдзем.
Кінуў мяне за жалезныя краты.
Доўга я гора ад сьвету хавала,
А другое душы я ўжо не знайшла,
Астрогі, ГУЛАГі - усё я спазнала.
Ён скрыўдзіў. У сэрцы яго берагла.
Хоць скрыўдзіў, гадамі яго шукала,
Сярод нелюдзі, што мучыла мяне,
Ня ведалі сёстры, ня ведала мама,
Што рабілася ў сэрцы, у чулай душы.
Чакала ў астрозе, адна як сядзела,
Ня дні, не гадзіны, - гады прапаўзьлі,
Я ў воўчае вока, ваўчок той глядзела,
I здавалася часта мне, што там быў ты.
На галаве хустку тады папраўляла,
Грабеня ў каморы ў мяне не было,
Паплакаўшы ўволю, ад крыўды маўчала,
А душа чакала спатаканьня з табой.
Маўчала, як каты цягнулі на допыт,
Закруціўшы рукі мае за сьпіну,
Маўчала, як сьледчым была я пабіта,
Хоць праўду казала заўсёды яму.
Прытомнасьць губляла, але ўсё маўчала,
Адчувала часта, ты блізка мяне,
Як падняўшы рукі, начамі стаяла,
Горкае каханьне памагала мне.
На допытах ноччу я цябе бачу,
Як сьледчы заводзіць пра маю сям'ю,
Запраўляе лаянкай астрожну кашу,
І руйнуе душу збалелу маю.
Што ты мяне кінуў, што ты насьмяяўся,
Не патрэбна, кажа, была я яму.
А я ўсё маўчала, хоць ён дамагаўся,
На замкі схавала я сваю бяду.
На «б», называлі, у карцар саджалі,
А я ўсе маўчала, хоць мяне пяклі,
А потым дакторку з канвоем прыслалі,
I дзявочу ганьбу з мяне зьнялі.
Новага каханьня больш не спазнала,
Хоць школьнага сябра ў душы берагла,
Ды лепша сяброўка ад мяне украла,
Па шчырасьці сэрца сама аддала.
Выходзіла замуж, ён быў мне ня любы,
Прывыкнуць ня здолела ў дваццаць гадоў,
На магілу да яго я сёньня ня йду,
Бо здрадзіў, пакінуў, дзе ж тая любоў?
За сорак мінула гадоў ад каханьня,
I абсыпаў голаву маю белы сьнег,
Крыўдую на Сашу, чакаю спатканьня,
Ці жывы сёньня, што раніў на век?
Дарэмна, Саша, на цябе наракала,
Але прабачэньня прасіць не магу,
Нядаўна я праўду бяды раскапала,
Шкада, што і сёньня цябе я люблю.
Ты помніш апошні наш вечар сустрэчы,
Жаліў - пацалаункі былі не з душы,
Зьвярыны быў учычак, не чалавечы,
Пакуты на сэрца наносіў ты мне.
Цябе я прасіла - пусьці, пара ў хату,
А сама хацела з табою век быць,
Абманныя хлопцы, шчырэйшы дзяўчаты,
Абманваць ня ўмеюць, умеюць любіць.
Калі б я у парку цябе не спаткала,
Ад мукі тады ты мяне не хаваў.
Да тых пор каханьня і ласкі ня знала,
I першы ў жыцьці ты мяне цалаваў.
Вясьняна пара ў маім жыцьці квітнела,
Нядоўгі, кароткі ў жыцьці яе шлях.
Як ранена птушка, я лётаць хацела,
Умела любіць, ня ўмела ілгаць.
Мой твар не крывіўся, хоць капалі сьлёзы,
Крушылася сэрца, стагнала душа,
Пяклі летам сонца, зімою марозы,
А я патаемна боль-крыўду нясла.
Душа набалела, ня гояцца раны,
Не ты, а другія мяне прадалі.
Ты мной быў любімы і мною каханы.
Не роўны былі з табою там мы.
Калі б цябе гора якое спаткала,
Сабою закрыла б, на зьдзек не аддала б,
А ты, хлопец, бачыў, як я гаравала,
Ня верыў, што я невіноўна была.
Пара і забыцца, ды сэрца не тое,
Хто многа любіў, дык яму ўсё адно.
А каб каханьне было ў нас сьвятое,
Мы сёньня любілі б адно аднаго.
Знайшоў бы мяне ты ў агні, пад вадою,
Кажу, што і праўду ты змог б раскапаць,
Знаць, сэрца тваё не маё, а чужое,
Ня ўмела любіць і ня ўмела чакаць.