На пашу гусі я пагнала,
У кошыку маленькіх несла,
Каб разам траву пашчыпалі,
Што на балоцячку расла.
У небе сонца Казахстана
Ужо спускалася на дол,
Цень ад бярэзін і ад тала
На поўнач ціхенька пайшоў.
Шчыпалі гусі й гусяняты
Зелёну траву паплаўка.
Ой, як далёка мая хата,
Далёка родная рака.
Далёка Нёман сінявокі,
І Шчара ціхая плыве,
Дзе ў водах сьвецяцца аблокі,
І салавей вясной пяе.
Дзе мая мама і малыя
Самотна мучацца - жывуць,
Бо мы з татачкам у Сібіры,
Весткі да дому не ідуць.
Мне трэба ў школу, а я гусі
На чужым беразе пасу,
Думкі ляцяць да Беларусі,
Да роднай хаты і сям'і.
Там лес шуміць, і песьня болі
Над краем змучаным плыве,
А люд наш церпіць, хоча волі,
На роднай хоча жыць зямлі.
Дапамажы, Магутны Божа,
Дамоў вярнуцца з чужыны,
Каб чуць, як лес шуміць і Нёман
Іскрыцца хвалямі вады.