Маўклівых зьнішчаюць свае і чужыя,
Маўклівыя самі зьнішчаюць сябе,
І рыфмы ўстаўляю ў радкі як нажы я
З надзеяй, што трэба яны маладзьбе.
Яны, маладзьба, яшчэ вырасьце ў моладзь,
І голас расправіць над сьветам крыло.
Гэй, кат і тыран, хоць пятлю, хоць ярмо ладзь,
Усё, што ні зладзіш — дзярмо і трухло.
Паточацца ў норы зласьліўцы і хціўцы,
Здабудзецца воля юнацкай крывёй,
І борзьдзенька прыйдуць па волю маўкліўцы,
Каб моўчкі і прагна нацешыцца ёй!
Ды воля ня можа няволяю стацца,
Хаця й абдымае мацней ад пятлі,
І трэба ці крыкнуць, каб разам застацца,
Ці моўчкі пакінуць абшары зямлі.
— Жыве Беларусь!
ці
— ...Long live...
ці
— Niech zyje!
Абы не маўчаньне ў зацятай губе —
Маўклівых зьнішчаюць свае і чужыя,
Маўклівыя самі зьнішчаюць сябе.