Даўней бацькі казалі мне:
– У нас вясна фіялкавая.
Ты пакланіся ёй, вясьне,
Яна неабыякавая.
Яна сьмяецца раз на год
Падсьнежнікамі, прымуламі.
Другі на сёлета зварот
Малілі, а ня вымалілі.
Вясны падвойнай не спаткаць
З вярбой, з дубцамі зрэзанымі.
На рунь ідзе, і адцьвітаць
Пачне кустамі бэзавымі.
Ты пакланіся ёй, вясьне,
Ды з песьняю вясьнянкаваю.
Яна ў Палескай старане
Ў сакавіку фіялкавая.
А завітае раз на год,
Кусты распусьціць бэзавыя,
I цэлы год на паварот
Шляхі ў наш край адрэзаныя.
Таму дзьвюх вёснаў не чакай.
Павінны быць усьцешанымі,
Што на вясьне сьмяецца гай
Бярозамі, алешынамі.
Паветра ў сонечныя дні
Аж сокамі насычанае.
I ты глыбей яго ўдыхні –
Сваё, незапазычанае.
...Мінаюць сталыя гады.
I я ў куты аддаленыя
Забраўся. I вясна – сюды.
Цьвітуць сады міндалевыя.
А як вярнуўся да радні –
I вуліца асьнежаная,
I холад, і ў завеях дні,
I з цёплаю адзежынаю.
Але і тут ідзе на спад:
Цяпло павее сонечнае,
Пакрые белым цьветам сад.
Цьвіценьне хмельна-слодычнае...
I сёньня словы даўніны –
Нямыя, незасьведчаныя.
У гэтым годзе дзьве вясны
Сьпяваюць мне расквечаныя.