Кастрычнік у лета сонца пазычыў
I ў Мюнхэн прынёс на кірмаш.
Цяпло і ветласьць вясёлых абліччаў,
I музыка ўсьцяж.
Сядзяць за сталом, хістаюцца ўбокі,
I песьні пяюць, і гудуць.
Літровыя куфлі нават глыбокі
Твой смутак зьвядуць.
З пяром капялюш, штаны скураныя...
Чужое... А сьмех – быццам наш.
I сэрца маё тугою ня ные,
Прымае кірмаш.
Баварцы ў забаве. Пеніцца піва.
Засмажаных курак ядуць.
Ядуць бяз відэльцаў нейк асабліва –
Рукамі дзяруць.
I груба, і проста. Тлустыя жарты,
Як шмалец, як горыч пітва.
Баварскі кірмаш! Славуты! Ён варты
Ў сьвятле хараства.