I душна, i цесна, i сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да ix!
Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілася й вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі з усімі год Новы спаткаць!
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!
А вы, бледны твары, панураны ў працы,
I ты, друг мой, смутак зь ix сьлёзных вачэй,
Прыміце сягоньня прывет мой гарачы,
Каб жыць нам было ў гэтым годзе лягчэй!