Ўжо даўно у вялікім у горадзе
Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім;
Колькі жыў, адно рыў ён нябожчыкам
Долы-сховы сякім і такім.
Ці багач, ці бядак, днём ці ночаю, –
Супачынку ня знае грабар;
Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах
Сам з рыдлёўкай сваёй – гаспадар.
Пакуль там з дамавінаю ўладзяцца,
Змыюць цела, пакуль прыбяруць,
А ў яго ні зь сяго дол і выкапан,
I ня змыліцца ў меры нічуць.
Як дамоўку спускаюць вяроўкамі...
Ажно дзіў, які важны спачын:
Глыбіня, шырыня дапасованы,
Не дагодзіць так бацьку і сын.
А засыпе зямлёй супакойніка,
Які насып удоўжкі і ўзвыш!
I дзярном-дываном бераг высьцеле,
I з каменьчыкаў высьцеле крыж.
Доўга-коратка жыў так – няведама,
Пэўна, жыў, колькі трэ' было жыць;
Але вось, як на злосьць, і абрыдала
Яму гэтак штодня ямы рыць.
Без канца неспакойства штодзённае;
Як на варце, з рыдлёўкаю стой;
Пахаваў, насып даў небарачніку, –
Бач, другі ўжо расстаўся з душой.
Каб за раз ад усіх адкараскацца,
Вось тады б то аддыха была!
Песьні б пеў, не мадзеў сьвятам, буднямі;
А так – доля ня тое дала:
Мрэ адзін, а ўсё зь ім не ўмяншаецца;
На яго мейсца родзіцца пяць...
Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю
Той грабар і штось выдумаў, знаць.
Ён рыдлёўку сваю жалязяную
Кавалю пацягнуў, паказаў;
Як зьмяю, так сваю землякопніцу,
Насталіць, натачыць прыказаў
I давай ён тады дзіву дзіўную
Апраметна капаць глыбіну,
А ўсё так, не 'бы як, не спыняючысь,
Верне брылы адну на адну.
Хто спытае: каму? – не адказвае,
Адно толькі ямчэй капане;
Аб нічым аб другім і не ўздумае,
Думку зьвёў аб ядзе і аб сьне.
Рые тыдзень, другі; яма большыцца;
Ўжо кладзе за адкосам адкос;
Дол глыбок, і пясок над магілінай,
Як і глыб, – гэтак высака ўзрос.
Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца,
Ўжо работы ўсяго на паўдня;
Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму...
Не стрывала матуля-зямля:
Ў яму рухнула зьверху, хаваючы
Грабара і яго працу ўсю...
Але што ж? Для каго ж дол быў копаны?
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Грабар яму ўсяму рыў Жыцьцю!